1469

«Ёсць людзі, з якімі, здаецца, не мусіць штосьці здарыцца...» Успаміны калег пра Алега Ануфрыенку

14.09.2023 Крыніца: Аўтар для сайта БАЖ

Як удар кінжалам прагучала навіна пра смерць журналіста «Настоящего времени» Алега Ануфрыенку. Лёс 35-гадовага рэпарцёра, які раней працаваў у Tut.by і на Радыё «Свабода», складаўся не вельмі проста, і гэта сімптаматычна для супрацоўніка беларускіх незалежных медыяў. Слова сябрам і калегам, якія дагэтуль не могуць паверыць у заўчасны сыход Алега.

Фотарэдактар Сяргей Балай: «Яму пашчасціла не трапіць у дзяржаўную журналістыку, і незалежны медыясектар у яго асобе знайшоў выбітнага прафесіянала»

— Я пазнаёміўся з Алегам, калі ён яшчэ вучыўся ў школе. Ён хацеў паступаць на журфак, а ў тыя часы для гэтага былі патрэбныя публікацыі. Хлопец прыйшоў працаваць да нас у незалежнае выданне «Хімік» (Наваполацк). Адразу выявіўся сур’ёзным, настроеным на працу. Усё, што пісаў, друкавалі і вельмі радаваліся, калі ён паступіў.

Ведаю, што некаторы час ён працаваў на дзяржтэлебачанні. Тады ж яму прапанавалі зняцца ў знакамітым роліку «Схавай бабулін пашпарт». Гэта адбывалася перад выбарамі-2010. Мы з Андрэем Аляксандравым былі вельмі ўсцешаныя: чалавек пайшоў па правільнай дарозе. Аднак хутка ў яго пачаліся праблемы: з універсітэта выключылі, з працы звольнілі.

У 2014 годзе мы сустрэліся на Tut.by, дзе ён ужо стала працаваў. Прыемна бачыць, калі чалавек упарта займаецца справай, якую ён абраў. Пасля сканчэння журфака БДУ многія губляюцца. А яму ж пашчасціла не трапіць у дзяржаўную журналістыку, і незалежны медыясектар у яго асобе знайшоў выбітнага прафесіянала.

На маёй памяці ён працаваў у аддзеле «Грамадства», і ягоныя грунтоўныя тэксты былі крутымі. Аўдыторыя давярала Tut.by за глыбокае пагружэнне ў тэму. Яго публікацыі былі такім прыкладам.

Пасля 2019 года ён з’ехаў за мяжу, і мы з ім не бачыліся. Навіна пра яго заўчасны сыход шакавала. Ёсць людзі, з якімі, здаецца, не мусіць штосьці здарыцца. Дагэтуль не магу паверыць, што яго ўжо няма з намі.

Журналістка Аляксандра Багуслаўская: «Памятаю, як ён сядзеў побач з відэакамерай, усміхаўся, і гэта давала столькі сіл»

— Першапачаткова ў 2017 годзе, калі я рабіла першыя відэа пра міжнароднае права для свайго YouTube-канала, менавіта Алег прымеціў мае ролікі і прапанаваў рабіць праграму «Простая политика» для Tut.by. Можна сказаць, што ён меў непасрэднае дачыненне да пачатку маёй кар’еры. Я за гэта вельмі яму ўдзячная.

Працаваць з ім было вельмі камфортна. Ён — інтэлектуал, добра эрудзіраваны. Яму таксама, як і мне, была цікавай палітыка. Таму нам было прыемна рабіць праграму разам.

Тады я яшчэ была пачынаючым журналістам. Памятаю, як ён сядзеў побач з відэакамерай, усміхаўся, і гэта давала столькі сіл, упэўненасці.

Пры гэтым быў вельмі скрупулёзным, заўсёды правяраў факты, націск у словах. Я б сказала, што вельмі многае атрымала ў прафесійным плане, дзякуючы працы з ім.

Не хочацца верыць, што з ім такое адбылося ў 35 гадоў. Здаецца, Алег зараз з’явіцца і прапануе запісаць відэа. Цяжкая навіна…

Журналіст Дзяніс Марціновіч: «Алег смешна жартаваў, і гэта рабіла прысутнасць у судзе крыху больш лёгкай»

— Мы першы раз сустрэліся з Алегам Ануфрыенкам у 2016-м. У судзе. Ён быў ад самага папулярнага медыяпартала краіны, з якога хацеў сысці. Я — ад «Народнай Волі», з якой хацеў перайсці на яго партал.

Пазнаёміліся і міла паразмаўлялі ўтраіх — больш журналістаў не было — з ім і прэс-сакратаркай Вярхоўнага суда. Алег смешна жартаваў, і гэта рабіла прысутнасць у судзе крыху больш лёгкай. Бо мы сустрэліся ў былым будынку роднага для мяне Коласаўскага ліцэя, які ператварылі ў суд.

Прайшло некалькі месяцаў, мы сталі калегамі. Я бачыў яго кожны дзень і чуў ягоны смех. Ён любіў тусавацца разам з рэдакцыяй «Афішы». А потым Алег сышоў з рэдакцыі, з'ехаў, і я бачыў яго падарожжы ўжо ў Instagram. 

Навіна пра яго смерць выклікала шок. Яго сыход — жахлівая несправядлівасць. Моцы родным і блізкім. Светлых табе нябесаў, дарагі калега. Горка.

Рэжысёр Яўген Шапчыц: «Па першым часе было сорамна за тое, што я ўцягнуў Алега ў гэтую авантуру. Але ён не крыўдаваў»

— Пазнаёміліся, калі працавалі разам на Белдзяржтэлерадыё напрыканцы нулявых. Я быў мантажорам розных забаўляльных праграм кшталту «Добрай раніцы, Беларусь», а ён — яшчэ студэнтам журфака, дасціпным і інтэлігентным, прыйшоў у рэдакцыю «Белорусского времечка», здаецца, на практыку і паспяхова там падвіс.

Разам мантавалі сюжэты, часам перасякаліся ў розных кампаніях і бесклапотна выпівалі, аж пакуль пад канец 2010-га я на адной з такіх тус паўжартам не прапанаваў яму ролю студэнта-акулярніка ў маёй дэбютнай студэнцкай рэжысёрскай працы ў жанры сацяльнай рэкламы, якая даволі значна скарэктавала далейшыя траекторыі нашых лёсаў. Алег нечакана для мяне пагадзіўся.

Экранізацыя старога польскага палітычнага анекдота напярэдадні выбараў 2010 года завірусілася. Мяне звольнілі з БТ праз два дні пасля публікацыі роліка, Алегу не далі давучыцца на журфаку — адлічылі «за прагулы» ці то з 4-га, ці то з 5-га курса. Вытрымаўшы даволі вялікую паўзу пасля выбараў (каб не раздзьмуваць скандал), яго звольнілі ўрэшце рэшт і з БТ.

Па першым часе мне было сорамна за тое, што я ўцягнуў Алега ў гэтую авантуру, маўляў, паламаў яму лёс. Але ён не крыўдаваў. Мы сышліся на думцы, што гэты раптоўны эскейп з дзяржжурналістыкі і транзіт у незалежную быў да лепшага. У нас распачаліся новыя гісторыі, прыгоды і сябры: у Алега — Tut.by і «Настоящее время», у мяне — «Белсат». Бывай, шаноўны Калега!

Вольга, калега: «Пра Алега мала хто ведаў больш, чым ён дазваляў...»

— Алег, Алежа.. Мы працавалі разам, але больш размаўлялі за межамі працы... І ён быў майстар і ў тым, і ў іншым..

Аддаваўся працы і людзям, але апошнім здавалася менш, толькі праз сваю некаторую закрытасць...

Няхай яе было не заўсёды лёгка зразумець, але пра яго мала хто ведаў больш, чым ён дазваляў... Для каго ён бярог сваю душу, мне зараз здаецца, ведае толькі ён.

Але Алежа заўсёды быў рады дапамагчы і падтрымаць — і не толькі сваімі жартамі і келіхам белага віна. Ён быў чалавекам слова і справы. Часта падарожнічаў адзін, і я да сённяшняга дня захаплялася гэтым. А цяпер мне здаецца, што ён памёр ад адзіноты...

Чытайце яшчэ:

Памёр журналіст «Настоящего времени», былы тутбаевец і свабодавец Алег Ануфрыенка

Усё, што трапляла ў аб’ектыў, станавілася шэдэўрам. Памёр вядомы фатограф Анатоль Кляшчук

Філосаф Уладзімір Мацкевіч пасля аперацыі зноў пераведзены ў турму

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!